На Палессі куток ёсць такі,
Дзе спрадвеку жывуць Каласкі,
Разам з імі Калінкі жывуць –
Гэты край Аўцюкамі завуць.
Іван Карызна
Сярод густых зялёных лясоў на беразе прыгожай паўнаводнай рачулкі Закаванка раскінулася вёска Малыя Аўцюкі. Можа пра гэты куточак зусім і не ведаюць там, у вялікіх гарадах, дзе людзей мала цікавіць лёс і жыццё невялікіх вёсак , але для тых, хто тут нарадзіўся і вырас, яны застаюцца самай цудоўнай мясцінай на зямлі. Напэўна, толькі той, хто вырас сярод неабсяжных лясоў, блакітных лугоў, хто ўдыхаў водар кветак і траў прачнуўшыся да ўсходу сонца, хто ступіў разок басанож на траву, пакрытую серабрыстаю расою, той з упэўненасцю скажа, што няма лепшай на свеце мясцінкі, чым гэтая наша родная вёска .
Мы хочам правесці вас па зямлі, якая для нас і мабыць, не толькі для нас – даражэй за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут.